ІНВЕНТА́РНАЯ РЭФО́РМА 1840—50-х ГАДО́Ў,
спроба ўрада Расійскай імперыі рэгуляваць адносіны паміж памешчыкамі і прыгоннымі сялянамі ўвядзеннем абавязковых інвентароў у Літве, Беларусі і Правабярэжнай Украіне. Была адной з мер паліт. супакаення краю пасля паўстання 1830—31. У 1840 Камітэт na справах заходніх губерняў 1832—48 пачаў выпрацоўваць умовы рэформы. 27.4.1844 цар зацвердзіў «Палажэнне», паводле якога ў зах. губернях ствараліся «Камітэты для разгляду і складання інвентароў памешчыцкім маёнткам», у склад якіх уваходзілі царскія чыноўнікі і прадстаўнікі мясц. дваранства. На працягу 1846—48 абавязковыя інвентары ўведзены ва ўсіх памешчыцкіх маёнтках зах. і цэнтр. Беларусі (Віленская, Гродзенская і Мінская губ.). Тут памер асн. павіннасцей залежаў ад велічыні і якасці зямельнага ўчастка і вызначаўся ў 1/3 валавога даходу селяніна. За карыстанне лесам, пашай, вадаёмам і інш. вызначаліся дадатковыя павіннасці. Памешчыкі Віцебскай і Магілёўскай губ. выступілі супраць такой сістэмы і лічылі магчымым увесці інвентары пры ўмове захавання трохдзённай паншчыны з рабочай душы ў тыдзень. Па ўсіх маёнтках гэтых губерняў інвентары былі складзены ў 1849, але ўвесці іх у дзеянне ўрад не рашыўся з прычыны перавышэння ў іх норм феад. эксплуатацыі, якія фактычна існавалі. У 1852 прыняты ўказ аб увядзенні ва ўсіх бел. і літоўскіх губ. інвентарных правіл, зацверджаных у 1848 для губерняў Правабярэжнай Украіны, паводле якіх сялянам пакідалася зямля, што была ў іх карыстанні. Перагляд і выпраўленне інвентарных правіл цягнуліся да 1857, калі пачалася падрыхтоўка адмены прыгоннага права. Да гэтага часу абавязковыя інвентары ўведзены ў дзеянне прыкладна ў дзесятай частцы памешчыцкіх маёнткаў Віцебскай і Магілёўскай губ. Нягледзячы на прыгонніцкую абмежаванасць рэформы, абавязковыя інвентары афіцыйна ставілі мяжу памешчыцкай уладзе і адкрывалі некаторыя магчымасці для адстойвання сялянамі сваіх інтарэсаў.
У.А.Сосна.
т. 7, с. 220
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)